ФРЭ́ЗЕРНЫ СТАНО́К,

1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі фрэзераваннем розных паверхняў (плоскасцей, фасонных канавак і інш.). Адрозніваюць Ф.с.: універсальныя — вертыкальна-Ф.с. (кансольныя і бескансольныя), гарызантальна-Ф.с., падоўжна-Ф.с.; спецыялізаваныя — карусельныя, капіравальна-Ф.с., разьба-, зубафрэзерныя (выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы аднатыпных дэталей); спец. (робяць адну ці некалькі пэўных фрэзерных аперацый). На Беларусі Ф.с. вырабляюцца на Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Віцебскім заводзе заточных станкоў, Гомельскім станкабуд. з-дзе імя Кірава.

2) У дрэваапрацоўцы — станок для фрэзеравання дэталей крывалінейнай формы, зарэзкі пальцаў, контурнай апрацоўкі шчытоў ці вузлоў вырабаў і г.д.

Універсальны фрэзерны станок (Германія): 1 — папярочны супарт; 2 — паваротная фрэзерная галоўка; 3 — стол; 4 — кансоль; 5 — станіна.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)